Версія для людзей са слабым зрокам
Карта сайта
бел
Меню
Галоўная / Навiны

Аляксандр Червякоў: «Пытанні павінны вырашацца на месцах»

 21 жніўня Паставы наведаў міністр эканомікі Рэспублікі Беларусь Аляксандр Чарвякоў. Ён правёў прыём грамадзян і пабываў на вытворчым унітарным прадпрыемстве “Завод “Беліт”.

У райвыканкам на прыём да міністра прыйшлі двое пастаўчан. Адзін з іх папрасіў патлумачыць лёс яго грашовых укладаў, зробленых у студзені 1991 года. У руках мужчына трымаў 2 ашчадныя кніжкі з укладамі на 16 і 10 тысяч рублёў. Улічваючы, што долар на той час каштаваў менш за адзін рубель, то сума, згадзіцеся, немаленькая. Уклады былі аформлены на жонку, якая ужо памерла.

Выслухаўшы чалавека, Аляксандр Віктаравіч адказаў:

—      У такую складаную сітуацыю трапілі не вы адны. Грошы страцілі многія людзі, якія жылі ў СССР і раптам прачнуліся ў іншай дзяржаве. Апошні Указ Прэзідэнта па кампенсацыі укладаў савецкіх часоў дзейнічаў у Беларусі да 2007 года. Нарматыўныя акты, якія маглі б вырашыць пытанне па вашых укладах, не дзейнічаюць ужо 13 гадоў. Аднак ваша сітуацыя нестандартная. Таму мы зробім запыты ў Міністэрства фінансаў і Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь, якія з’яўляюцца рэгулятарамі гэтых укладаў. Пісьмовы адказ вам будзе дасланы ва ўстаноўленыя заканадаўствам тэрміны.

Яшчэ адзін жыхар нашага горада, які звярнуўся на прыём да міністра эканомікі, з 2015 года не можа аформіць тэхнічны пашпарт на дом і гаспадарчыя пабудовы, якія знаходзяцца на мяжы двух яго ўласных участкаў. Аляксандр Чарвякоў папрасіў сабраць пакет дакументаў, які перадасць у Дзяржкаммаёмасць. І дадаў, што  такія пытанні павінны вырашацца на ўзроўні раёна, а не міністэрства.

—Як бачым, праблемы ўзнікаюць на роўным месцы,— адзначыў Аляксандр Віктаравіч. — Адпаведныя службы не разбяруцца ў пытанні, а людзі потым скардзяцца, што ўлада недапрацоўвае. Гэтага нельга дапускаць. Сёння як ніколі важна разумець патрэбы насельніцтва на месцах і прымаць тыя рашэнні, якія  зменшылі б колькасць зваротаў у вышэйстаячыя інстанцыі. Прызнаю, што даць аператыўныя адказы на пытанні часам не дазваляе недасканаласць заканадаўства. Сёння органамі дзяржкіравання пераглядаюцца тыя нарматыўна-прававыя акты, якія замаруджваюць працэсы вырашэння праблем. Галоўная задача, у тым ліку і Міністэрства эканомікі, — сфарміраваць усім зразумелае занадаўства, каб чалавек мог звярнуцца да прадстаўнікоў ўлады і адразу атрымаць адказ.

Таксама падчас свайго рабочага візіту Аляксандр Чарвякоў у суправаджэнні старшыні райвыканкама Сяргея Чэпіка наведаў завод “Беліт”. Там адбылася размова з дырэктарам прадпрыемства Ігарам Прахарэнкам. Міністр пабываў у цэхах: пазнаёміўся з вытворчасцю тэхнічнай сурвэткі і распытаў завадчан пра пытанні, якія іх хвалююць.

(па матэрыялах газеты «Пастаўскi край»)